Велапрабег памяці Булак-Балаховіча адбыўся ў Варшаве
May. 13th, 2012 | 11:42 pm
13 траўня ў польскай сталіцы прайшоў роварны рэйд памяці па месцах, звязаных з імем легендарнага генерала.
Удзельнікі акцыі з прымацаванымі да ровараў бел-чырвона-белымі сцягамі праехалі ад цэнтру Варшавы да вуліцы Парыскай, дзе 10 траўня 1940 году загінуў Булак-Балаховіч. Мяркуецца, што забіты ён быў агентамі гестапа. На тым месцы знаходзіцца мемарыяльная шыльда ў гонар генерала, каля якой удзельнікі акцыі паставілі белыя і чырвоныя знічы.
Потым праз увесь горад калонна накіравалася на могілкі "Павонзкі", дзе знаходзіцца сімвалічная магіла Булак-Балаховіча, бо ягонага цела так і не знайшлі. Каля яе ўдзельнікі акцыі таксама запалілі знічы і ўсклалі кветкі.
Ініцыятарам мерапрыемства выступіла "Беларуская Нацыянальная Памяць". Арганізацыя ўжо трэці год запар арганізуе роварны рэйд памяці па варшаўскіх месцах, звязаных з імем легендарнага палкаводца.
Нагадаем, што Булак-Балаховіч у Першую сусветную вайну камандаваў дыверсійным аддзелам царскага войска. Пасля служыў у Чырвонай Арміі, сышоў з яе і ваяваў супраць бальшавікоў у Эстоніі. Пазней перайшоў пад камандаванне Ураду БНР.
У лістападзе 1920 года Булак-Балаховіч абвясціў у Мазыры "незалежную беларускую дзяржаву", але неўзабаве яго армія была разбітая Чырвонай Арміяй і адышла ў Польшчу.





Спасылка | Пакінь камэнтар | Add to Memories | Share
Роварны рэйд памяці генэрала Станіслава Булак-Балаховіча
May. 11th, 2012 | 07:28 pm
Пачнецца а 13 гадзіне 13 траўня ад помніка Дэ Голя, далей праз мост Панятоўскага на правы бераг Віслы - на вуліцу Парыжскую 27, месца сьмерці Булак-Балаховіча. Далейшы шлях павядзе на вайсковыя могілкі на Павонзках, месца сымбалічнага пахаваньня генэрала.
Запрашаем!
Спасылка | Пакінь камэнтар | Add to Memories | Share
Бел-чырвона-белы сцяг праплыў над Бугам
May. 2nd, 2012 | 08:47 pm
“Беларуская Нацыянальная Памяць” правяла водную экспедыцыю па Беласточчыне. Маторная лодка пад бел-чырвона-белым сцягам прайшла некалькі дзесяткаў кіламетраў па рацэ Буг. Мэтай экспедыцыі была падрыхтоўка да ўсталявання памятнага крыжа ў гонар ваяроў Вялікага Княства Літоўскага. Памятны крыж паўстане на месцы бою аддзела Якуба Ясінскага з войскамі Суворава ў 1794 годзе.
Як адзначыў кіраўнік “Беларускай Нацыянальнай Памяці” Анатоль Міхнавец, беларуская Беласточчына мае багатую гісторыю і нажаль яна малавядомая.
Міхнавец: “Мэтай БНП з’яўляецца даследаванне беларускай гісторыі, культуры і традыцыі. Веды даюць сілы і паказваюць шляхі. Нам ёсць чым ганарыцца і пра гэта кажа наша гісторыя, трэба толькі ёй цікавіцца”.
Адзначым, што “Беларуская Нацыянальная Памяць” не першы раз спалучае гісторыю і спорт. На працягу апошніх пяці гадоў адбываліся лыжныя рэйды, роварныя прабегі і экспедыцыі на самаходах.
Спасылка | Пакінь камэнтар | Add to Memories | Share
У Варшаве вучыліся танцаваць па-беларуску
Apr. 23rd, 2012 | 08:30 am
У польскай сталіцы прайшоў майстар-клас па беларускіх народных танцах.
З Мінску на мерапрыемства спецыяльна прыехалі дудар Аляксей і трэнеры Зміцер і Юля. Яны не толькі паказалі як трэба танцаваць, але і распавялі аб традыцыях беларускіх скокаў.
Юля: "Зараз вясновая пара, калі моладзь выходзіла з хатаў на двор. Дзяўчаты вадзілі вясновыя карагоды. Адпаведна хлопцы запрашалі дзяўчат. Дзяўчаты не адмаўлялі хлопцам. У народнай культуры дзяўчына павінна была згадзіцца".
Усяго на мерапрыемства, арганізаванае "Беларускай Нацыянальнай Памяццю", сабралася каля 20 чалавек. Большасць з іх, як Ірына Губская, пасля не хавалі свайго захаплення.
Губская: "Вельмі уражаная гэтай імпрэзай, танцамі. Мы навучыліся новым танцам. Хоць у Беларусі ў мяне ўжо быў досвед удзелу ў такіх мерапрыемствах. Але вельмі радая, што гэта нарэшце прыйшло да Варшавы. Маю надзею, што гэта будуць сталыя спатканні. А можа больш за тое — атрымаецца пашырыць гэты клуб і навучыцца танцам іншых народаў. Файна, што беларуская культура пашыраецца на іншыя краіны. Спадзяюся, што ў наступны раз будзе больш людзей і будзем таньчыць яшчэ больш".
Па словах кіраўніка "Беларускай Нацыянальнай Памяці" Анатоля Міхнаўца, такая імпрэза ў Варшаве не апошняя. Наступнае падобнае мерапрыемства пройдзе ўжо ў траўні. Пры гэтым тэматыка такіх сустрэчаў будзе пашырацца.
Міхнавец: "Гэта першае мерапрыемства, але будзе працяг. У сярэдзіне траўня плануюцца зноў беларускія танцы. Плануюцца таксама майстар-класы па беларускай традыцыйнай вопратцы, па беларускім гульням. На жаль моладзь амаль што нічога не ведае аб гэтых тэмах. А наша культура вельмі багатая".
За тры гадзіны майстар-класу, яго ўдзельнікі змаглі вывучыць наступныя танцы: "Падыспан", "Лявоніха", "Кракавяк", "Матлёт", "Базар", "Людзвінка", полька "Матылёк", "Каханачка" і "Ойра". А таксама навучыцца гуляць у беларускія гульні "Цяцерка" і "Падушачка".






Спасылка | Пакінь камэнтар | Add to Memories | Share
Майстар-клас па беларускіх танцах
Apr. 18th, 2012 | 09:41 pm
21 красавіка адбудзецца майстар-клас па беларускіх народных танцах. "Падыспан", "Лявоніха", "Кракавяк", "Матлёт", "Базар", "Людзьвінка", полька "Матылёк", "Каханачка", "Ойра". Услухайцеся ў гэтыя мілагучныя назвы і вашыя ногі самі пойдуць у скокі пад гукі дуды!
Сябры, запрашаем усіх на імпрэзу 21 красавіка а 14 гадзіне.
Herbaciarnia "Herba Thea" ul. Pokorna 2 lok. U12, Варшава
Спасылка | Пакінь камэнтар | Add to Memories | Share
Шэсце на Дзень Волі ў Варшаве
Mar. 26th, 2012 | 07:47 pm
Крыніца
25 сакавіка беларусы Варшавы адсвяткавалі Дзень Волі. Раніцай яны сустрэліся каля Ронда Вашангтона, адкуль калона з сарака чалавек з бел-чырвона-белымі сцягамі, накіравалася шэсцем да дошкі ў памяць генерала войска Беларускай Народнай Рэспублікі Булак-Булаховіча. Перад прысутнымі выступілі Анатоль Міхнавец і Зміцер Бародка. Да дошкі былі ўскладзены знічы і бел-чырвона-белыя сцягі.
Далей калона рушыла да каралеўскага палаца, дзе ў неба былі выпушчаны шарыкі колераў нацыянальнага сцяга Беларусі.
Спасылка | Пакінь камэнтар | Add to Memories | Share
У Вільні адзначылі Дзень памяці Кастуся Каліноўскага
Mar. 26th, 2012 | 07:39 pm
Крыніца
22 сакавіка мерапрыемствы ў межах адзначэння Дня памяці Кастуся Каліноўскага распачаліся а 17-й гадзіне каля памятнага крыжа на Лукішскім пляцы. Перад прысутнымі выступілі вядомыя беларусы: Хведар Нюнька, Алесь Пушкін, Валянцін Голубеў ды іншыя.
Ад памятнага крыжа беларуская грамада, рушыла да месца, дзе кіраўнік паўстання 1863 году Каліноўскі быў пакараны смерцю. Зараз на гэтым месцы знаходзіцца помнік летувісам, якія змагаліся і загінулі за волю Летувы. Каля сімвалічнай Галгофы беларусы ушанавалі памяць беларускіх і летувіскіх паўстанцаў запаліўшы бел-чырвона-белыя знічы.
Далей шэсце рушыла да Замкавай Гары, дзе меркавана пахаваны Кастусь Каліноўскі.
Напрыканцы Дня Памяці кіраўнік “Беларускай Нацыянальнай Памяці” Анатоль Міхнавец заклікаў усіх ушаноўваць памяць Кастуся Каліноўскага ўсімі даступнымі мерам.






Адзначым, што арганізатарам мерапрыемства выступіла ініцыятыва “Беларуская Нацыянальная Памяць”.
Нагадаем, што 22 сакавіка 1864 года расійскія ўлады забілі ў Вільні кіраўніка нацыянальна-вызвольнага паўстання ў Беларусі і Літве Кастуся Каліноўскага. Ад 2010 года ў былой сталіцы ВКЛ ладзіцца Дзень памяці Каліноўскага.
Спасылка | Пакінь камэнтар | Add to Memories | Share
Старшыня БНП Анатоль Міхнавец у этэры БЕЛСАТ 25 сакавіка
Mar. 26th, 2012 | 07:01 pm
Спасылка | Пакінь камэнтар | Add to Memories | Share
Дзень памяці Канстанціна Каліноўскага
Mar. 19th, 2012 | 07:04 pm
З 2010 году ў Вільні ладзіцца Дзень Памяці Канстанціна Каліноўскага.
Запрашаем усіх патрыётаў 22 сакавіка 2012 г. а 17 гадзіне сабрацца каля памятнага крыжа на Лукішскай плошчы.
Усе жадаючыя, асабліва тыя, хто ў гэты час будзе знаходзіцца ў Вільні, далучайцеся! Хто мае магчымасьць, прыязджайце ў Вільню, каб разам ушанаваць памяць змагара за волю нашага Краю.
Хто мае магчымасьць, арганізоўвайце дзень памяці Кастуся Каліноўскага ў Беларусі: у месцах, зьвязаных з дзейнасьцю Каліноўскага і паўстанцаў 1863 году - у Свіслачы, Якушоўцы, Гародні, вёсцы Плябань на Вілейшчыне, і ўвогуле, дзе ёсць такая магчымасьць.
Калі патрэбна нейкая дапамога, парада ці хочаце ўзяць удзел у нашым мерапрыемстве, кантактуйцеся з намі праз арганізацыйны e-mail Беларускай Нацыянальнай Памяці.
